Андрусь – адзін з заснавальнікаў гуртоў Recha і Harotnica, чалавек з вострым пачуццём гумару і мастацкім успрыманнем свету. Ён дакладна ведае свае слабыя бакі і не баіцца пра іх казаць. Лёгка можа накалоць дроваў і, падаецца, паспеў зразумець, што такое шчасце.
В – важна
У дзяцінстве было важна стаць дэсантнікам, быць вельмі моцным фізічна. Хацеў навучыцца лётаць, думаў, што пройдзе час – і я авалодаю гэтай здольнасцю. Важным было стаць смелым, бо я баяўся цемры, монстраў. І каб яны мяне не зацянулі пад ложак і не з’елі. Цяпер важна не падвесці тых, хто мне давярае. Калі становішся дарослым, з’яўляюцца людзі, ставішча якіх залежыць ад тваіх стану і поспеху.
І ты не сам сабе гаспадар. Найбольшы страх – стаць прычынай няшчасця для другога чалавека. Разумею, што гэта не канструктыўна. Калі страх прысутнічае, то можа дэмаралізаваць, стаць кайданамі. І тады ён ператворыцца ў рэчаіснасць. Найперш трэба быць адказным перад сабой, шукаць свайго шчасця. Страх пазбаўляе лёгкасці. А для артыста важныя ўдача і лёгкасць.
Д – дах
«Дах» – мастацкі праект, які стартаваў недзе 8 гадоў таму ў Палацы мастацтва. Будынак ператварыўся ў эксперыментальную майстэрню: завешаныя чорным вокны, палотны, дзе не зразумела, што намалявана, вяроўкі, якія звісаюць, граюць музыкі – адчувалася свабода. Наколькі гэта густоўна, можна спарачацца, але карціны былі смелымі і выстаўляліся без думкі «на продаж».
«Дах» стаў нечаканасцю для Мінска: вяртанне да 90-х на нейкае імгненне або да часу першых перформансаў, калі ўсё на мяжы фолу, а мастак Алесь Пушкін уязджаў у Віцебск на асле. Тады людзі жылі мастацтвам, і было ўсё па-сапраўднаму.
Першы «Дах» – сапраўднае місіянства. І там не было такога эстэцтва, суперканцэптуальнасці і інтэлектуальнасці, да каторых імкнуцца сучасныя мастакі. «Дах» быў па-добраму дзікунскі, трохі архаічны і шчыры. Цяпер усё больш практычна, асцярожна, разлічана на матэрыяльны фідбэк. Я не кажу пра сучаснае мастацтва, якое хоча быць вострым, разумным, актуальным і змяняць свет.
Але для мяне яно павінна быць трохі дурнаватым. Цяпер у Палацы мастацтва праходзіць «Восеньскі салон», які шмат крытыкуюць, бо ён падобны на кірмаш, дзе ўсё намяшана. У мяне такая стракатасць выклікае радасць, але некаторыя лічаць, што гэта смерць мастацтва.
Ж – жыццё
Часта ўжываю гэта слова ў тэкстах. На жаль, яно стала словам-прастытуткай. Калі трэба закрыць сэнсавую канструкцыю, кідаеш яго. І рыфма добра падбіраецца. Слова, як манета, якой расплочваешся сюды-туды. І мае шырокае значэнне. Ужываеш «жыццё» ў тэксце, і кажуць: «У-у-у, якая песня! Пра жыццё!»
I
І – самадастатковая літара, звязка. Пішаш верш, калі патрэбна, ставішь «і». Працоўная літара, якая дапамагае ствараць рытм. Мне падабаецца форма менавіта беларускай «і», яна лаканічная, графічна прыгожая. Калі казаць пра кірылічную – яна падобная да «н», «стаіць», як у раскірачку, а лацінская – падцягнутая. «І» – сучасная дзяўчына, якая наведвае фітнес-клуб і ўпрыгожвае жыццё.
Не
Я не заўжды ўмею выразна акрэсліваць свае межы. Даволі часта замест слова «не» я адказваю «не ведаю», «магчыма», «трэба падумаць». І я разумею, што лягчей камунікаваць абодвум бакам, калі пазіцыя выказваецца дакладна: «так» або «не». Як у хрысціянстве: «Хай жа тады слова вашае будзе: «так – так», «не – не». А што звыш таго, гэта ад злога».
А я, як японец, у якіх не прынята рэзка адказваць. Бывае, разумею, што прапанова мне не цікавая і трэба проста адмовіцца, кажу «не ведаю» і пагаджаюся, і думаю «навошта?», а пасля падаецца, што і добра, што пагадзіўся. А бывае, што разумееш пасля: трэба было адмовіцца. Яшчэ не вызначыўся – добра гэта або дрэнна.
Часам жыццё больш цікавы кампазітар, чым мы самі. А рашэнні, якія ты не ініцыіраваў, а на якія пагадзіўся, падхопліваюць і ўзносяць.
Р– радасць
У дзяцінстве думаў, каб не зжэрлі монстры. Пасля быў перыяд, калі адчуваў толькі радасць: хадзіў з усмешкай і думаў, што так будзе заўсёды. Затым я зразумеў, што ёсць нейкія праблемы, і радасць стала не сталым жыхаром, а госцем, які прыходзіць – сыходзіць. Але я ўпэўнены, што мой унармаваны стан – радасць.
То бок я створаны для таго, каб жыць у радасці. Бо радасць – гэта тое, што ёсць унутры чалавека і не залежыць ад знешніх чыннікаў. Для мяне шчасце і радасць, калі пішаш карціну або прыдумляеш песню. Тады адчуваеш, што ты сапраўдны. Тады жывеш на поўніцу і ўсё мае сэнс.
Т –Такінданг
Такінданг – маё прозвішча і назва рытуала, які здзяйсняюць, каб у сям’і не паміралі дзеці. У мяне два роды: Сільвановічы і Такіндангі. Сільвановіч – дзявочае прозвішча маці, а Такінданг – бацькава. Мне пашчасціла з роднымі.
Прыязджаю да Сільвановічаў, гляджу на сваякоў і любуюся: прыгожыя, маюць унутраную шляхетнасць, у людзі павыбіваліся, не спаскудзіліся. Такіндангі таксама прыгожыя, вялікія, шляхетныя. Тут няма ніякай маёй заслугі, гэта падарунак Бога.
Ў
«Ў» – незалежная мастацкая галерэя. Я туды часам заходжу. Месца засяроджвання маладых мастакоў. Я памятаю, калі яшчэ была галерэя «Падземка» і там працавалі Валя Кісялёва (дырэктар і куратар галерэі «Ў». – Заўв. рэд.) і Аня Чыстасердава (арт-дырэктар галерэі «Ў». – Заўв. рэд.), займаліся мастацкай часткай.
Пасля яны пасварыліся з уладальнакамі і стварылі сваю арт-пляцоўку «Ў» там, дзе быў раней прыём шклотары. І цяпер гэта знанае месца.
Ц – цацкі
Цацкі. Я ўсё жыццё марыў пра трансформера. Калі разумееш, што хутка ў цацкі будзе гуляць сорамна, а трансформер не куплены, адчуваецца несвоечасоваць. У мяне былі чалавечкі: каўбоі, індзейцы. Мы іх з стрыечным братам закопвалі ў пясок, а потым шукалі. Калі знаходзілі – было прыемна, а калі яны губляліся – трагедыя. Матацыклістаў класных згубілі, я так перажываў.
Пасля са смалы плавілі чалавечкаў, рабілі іх з пластыліну. З волава хацеў выплавіць сабе кастэт – не атрымалася. Нунчакі зрабіць таксама не атрымалася. Самастрэл – атрымалася. Патрэбныя дошка, гума, прышчэпкі – спускавы механізм. Порах клалі ў фальгу, абкручвалі, падпальвалі – і ён лётаў. Гэта былі крутыя самаробныя цацкі, а трансформер – першы ў жыцці прадукт рэкламы.
Ю –юнацтва
У Караткевіча ёсць: «Ледзь прыкметны сумны халадок – подых юні ўходзячай маёй». Шмат ёсць твораў пра юнацтва, якое ўжо не схопіш. Я доўга чакаў, калі таксама змагу пра гэта напісаць. Калі ўжо з’явіцца магчымасць узгадваць, спачуваць, разумець юнацтва. Бывае, запрашаюць у каледжы або школы, прыходзіш, кажаш: «Добры дзень, дзеці». А табе ў адказ: «Мы не дзеці!»
Глядзіш на гэтых маладых людзей і атрымліваеш задавальненне і радасць, бо разумееш, колькі ў іх наперадзе. Юнацтва – час цудаў і прыгодаў, таму што шмат чаго адбываецца ўпершыню, перыяд адкрыцця свету.
І вядома, што яно з’яўляецца таталізатарам творчасці. І калі ты ўжо нават не ў юнацтве, ты ўсё роўна вяртаешся да яго. Да крыніцы, з якой п’еш. Займацца музыкай пачаў толькі ў 19 гадоў, але да яе быў жывапіс. Пах фарбаў, і ўжо заканчваюцца заняткі, а ты застаешся на вечар, працягваеш маляваць.
Пасля прыходзяць твае сябры, уключаеце магнітафон і размаўляеце пра нешта. Паміж творчасцю – хуліганства. Бясплатна праціскаліся на рок-канцэрты, хадзілі на дыскатэкі, іншы раз адбываліся бойкі. Удзельнічалі у мітынгах, а пасля ўцякалі ад міліцыі. Насілі цэпы і газавыя пярцовыя балончыкі. Спрабую ўзгадаць, якія былі праблемы ў юнацтве. Напэўна, былі… Сёння яны могуць падавацца мізэрнымі. Але тады гэта было не так.
Падрыхтавала Юлія Ваўчок
Фота з асабістага архіва