Пра тое, што размова будзе па-беларуску, не дамаўляліся. Сустрэліся і пачалі гутарыць – проста, адкрыта, дзе з жартамі, дзе са слязамі. Чаму людзям з заніжанай самаацэнкай жывецца лягчэй, каго цікавіць беларуская культура і як устаць, калі жыццё збівае цябе з ног. Так адбылося маё знаёмства з народнай артысткай Беларусі, актрысай Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі Таццянай Мархель. Таццяна Мархель у жыцці такая ж, як і на сцэне: прыгожая, шчырая, з характарам.
Пачатак: «Уся вёска прыходзіла на той пашпарт паглядзець, бо тады не кожны яго меў, асабліва вяскоўцы»
Праз усю вёску, дзе я нарадзілася і вырасла, ішла шырокая дарога, якая сыходзіла ў небакрай. Я глядзела на яе ўвесь час і думала: куды ж яна вядзе, які там за ёй свет? І аднойчы па гэтай дарозе я прыехала ў горад Мінск. Пачала гаварыць па-гарадскому – па-руску, то бок. Хацела культурнейшай стаць, каб не казалі ўслед «дзярэўня».
Я была адной з трох дзяўчын, якія скончылі ў вёсцы сярэднюю школу, і адзінай, хто пайшоў далей вучыцца і атрымаў пашпарт. Свята было сапраўднае, уся вёска прыходзіла на той пашпарт паглядзець, бо тады не кожны яго меў, асабліва вяскоўцы.
Выбар: «Прыйшла ў інтэрнат, упала на падлогу і доўга горка плакала – так не хацелася вяртацца ў старое жыццё…»
Пасля заканчэння школы я паступіла ў медвучылішча. Маці хацела, каб я стала доктарам. Я скончыла навучанне і нават два гады адпрацавала медыцынскай сястрой. Потым здала экзамены ў медыцынскі ўніверсітэт, але тут правучылася толькі кароткі час: літаральна адчула, што не маё гэта, не магу так далей.
Яшчэ са школы мне падабалася самадзейнасць. Перад тым як пайсці ў медвучылішча, я, без дазволу маці, паспрабавала паступіць у тэатральны інстытут. З першага разу не атрымалася. Але мяне гэта не супыніла: у Мінску працягвала хадзіць на розныя гурткі па самадзейнасці.
Калі працавала ў медсанчастцы Мінскага трактарнага завода, у вольны час бегала ў Дом культуры трактарабудаўнікоў на драматычны гурток. Менавіта тут канчаткова зразумела, што сапраўды маё – гэта сцэна. Вось так медсястра паступіла ў тэатральна-мастацкі інстытут (сёння: Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. – Заўв. рэд.).
У інстытуце ўсе былі такія прыгожыя, добра апранутыя, разняволеныя. З захапленнем за імі назірала! Сама ж была закамплексаваная, з глухім голасам. З-за гэтага нават ставілася пытанне аб маім адлічэнні. Памятаю, як прыйшла ў інтэрнат, дзе жыла, упала на падлогу і доўга горка плакала – так не хацелася вяртацца ў старое жыццё…
Мяне пакінулі далей вучыцца. І я так удзячна гэтай магчымасці! Нашы выкладчыкі былі цёплымі, добрымі людзьмі, адкрывалі нам, маладым, прыгажосць свету. Вучылі гімнастыцы, танцам, замежнай літаратуры, гісторыі тэатра, касцюма, выяўленчага мастацтва. Я доўгі час захоўвала сшыткі с запісанымі лекцыямі.
«У вас заніжаная самаацэнка»
Аднойчы так сказала мне адна актрыса. Я тады ўсё ўцяміць не магла: ну што ж не так са мной? А потым былі здымкі фільма «Дзень дурня», яны праходзілі пад Разанню. Адным вечарам сабраліся мы акцёрскім кагалам – паразмаўляць, лепш пазнаёміцца.
Былі там і маладыя хлопцы-акцёры з Масквы. Я ўзяла і сказала ім, які «дыягназ» паставіла мне тая актрыса. Ведаеце, што мне хлопцы адказалі? Што гэта самы вялікі камплімент.
Кажуць, уявіце, як жывецца чалавеку з завышанай самаацэнкай, чаго яму тая высокая самаацэнка каштуе. Ён увесь час жыліцца, надзімаецца, як пузыр, каб толькі самаацэнку не панізіць. Але справа ў тым, што такія людзі куды больш нешчаслівыя – іх жыццё ўперлася ў столь ад дасканаласці.
Няма больш куды расці, няма каго кахаць, бо поруч усе недасканалыя. Таму не варта хвалявацца наконт сваёй недасканаласці – з ёй жыць весялей.
«Мне прасцей працаваць па-беларуску»
Я працавала ў розных тэатрах. Спачатку ў Гародні, потым – у Магілёве, Віцебску. Адзін год давялося працаваць у Дзяржаўным тэатры для дзяцей і моладзі Казахстана ў Алма-Аце. Там было цікава, я атрымала новы вопыт. І менавіта той год дапамог мне зразумець істотную рэч: маё сэрца – у Беларусі, толькі тут я хачу жыць і працаваць.
Галоўная мая «навука» прыйшлася на той час, калі я трапіла ў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску. Гэта быў беларускамоўны тэатр. Хутка пасля майго прыходу яго галоўным рэжысёрам стаў Валер Мазынскі.
Гэта ён прапанаваў мне заспяваць народныя песні на сцэне. Мы рыхтаваліся да юбілею Якуба Коласа, ставілі «Сымона-музыку». Мазынскі падышоў да мяне і сказаў: «Маміны песні спяваеш? Паспявай у спектаклі». Такім чынам матуліны – беларускія – песні ўпершыню загучалі на вялікай сцэне.
Жыццёвыя абставіны змусілі пераехаць з Віцебску ў Мінск. Мяне перавялі ў Тэатр-студыю кінаакцёра. Безумоўна, гэта добры тэатр, але ж са сваёй спецыфікай, да якой мне было цяжка прыстасавацца. Мне прасцей, калі я працую па-беларуску.
Сапраўдным дзівам стала тое, што Мікалай Пінігін, якому я прынесла свае беларускія песні – кола жыцця чалавека ад нараджэння да смерці, – зацікавіўся імі. Ён зрабіў сцэнарый, дадаў батлейку, тэксты з Евангелля ад Мацвея – так нарадзіўся монаспектакль «Дзіця з Батлеема» з маім удзелам. Нейкі час ён ішоў на сцэне Тэатра-студыі.
А ў 1993 годзе ў Мінску адкрылі тэатр-лабараторыю – сённяшні Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Тады ён называўся «Вольнай сцэнай». Валер Мазынскі, які заснаваў тэатр і стаў яго першым мастацкім кіраўніком, запрасіў мяне – я перайшла. І засталася.
З самага пачатку галоўнай мэтай тэатра было пазнаёміць з Беларуссю, з яе гісторыяй і новай беларускай класікай. За гэты час атрымалася сапраўды багата зрабіць. Мы працягваем адкрываць беларускіх драматургаў – гэта наша пачэсная, вялікая справа. Ды і цікава гэта!
У тэатра ёсць свой глядач. Да нас прыходзіць значная колькасць людзей – і сталыя, і маладыя. А гэта значыць, што іх цікавіць беларускае, цікавяць тэмы, якія мы раскрываем на сцэне, яны хочуць разважаць і шукаць адказы.
Песні матулі
Сама я з вёскі Шпакоўшчына Смалявіцкага раёна, і колькі жыла там – заўсёды была з мамай поруч. Яна шмат спявала: і калі гора, і калі радасць. А я проста слухала гэтыя песні і ніколі не думала, што гэта штосьці такое каштоўнае. Для мяне гэта было звычайна: спявае і спявае мама – гэта натуральнае наша жыццё.
Мне давялося спяваць у розных краінах. Гучалі беларускія песні ў Англіі, Францыі, Бельгіі, нават у ЗША. У 1990-х у Нью-Йорку праходзілі дні Купалы і Коласа, наша прадстаўніцтва ладзіла з гэтай нагоды канцэрт беларускай музыкі і спеваў. Запрасілі мяне выступіць.
Я здзівілася: каму захочацца слухаць незнаёмыя песні? І як жа мяне ўразіла сапраўдная зацікаўленасць замежных слухачоў. Атрымалася, што людзей захапляюць iншыя традыцыі, нацыянальная адметнасць, культура. І гэтак было паўсюль, куды мы ездзілі. Нью-Йорк не быў выключэннем.
«Беларусь. Дыдактыка»
Да таго, як з’явілася ідэя гэтага спектаклю, Аляксандр Марчанка (рэжысёр і кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі. – Заўв. рэд.) браў у мяне шмат інтэрв’ю, на аснове якіх драматург Дзмітрый Багаслаўскі напісаў п’есу – літаральна па маім жыцці.
Я тады прачытала яе і падумала: «Божа, так адкрывацца нельга, я тут як з голай душой перад усімі!» – і адмовілася. Праз некаторы час Саша зайшоў з іншага боку і падаў новую ідэю – зрабіць праект паводле беларускай паэзіі, прозы і песень.
Спачатку я не ведала, што з гэтага атрымаецца і як будзе выглядаць. Але Саша добра ведаў, што рабіць, – спектакль убачый свет. У ім я адчуваю сябе добра, натуральна. Гэта такі гукавы спектакль-медытацыя: доўгі шлях, цікавы, складаны, і хай праз слёзы, але яго варта паказаць, варта адкрыць.
Каб прыйшла моладзь, паслухала, зразумела: ёсць у нас наш падмурак, тое, на чым можна стаяць, будаваць новае, развіваць і ісці далей. Хочацца, каб маладыя ведалі, што беларускае – было і ёсць у нас. Гэта наш скарб, які цікавы і іншым народам.
Чытайце таксама: Актриса Купаловского театра Зоя Белохвостик: «Не существует плохих людей»
Нечаканая Iнгрыд
Калі пытаюцца пра самыя любімыя ці самыя цяжкія ролі, не ведаю, што адказваць. Яны ўсе такія. Але магу назваць самую нечаканую: роля шведкі-спявачкі Інгрыд у спектаклі Валера Анісенкі «Жанчыны Бергмана», якую ён паставіў па п’есе Міколы Рудкоўскага.
Гераіня ўвесь час маўчыць на сцэне, не гаворыць ніводнага слова. Каб уявіць на сцэне Інгрыд, перачытала ўсяго Бергмана, перагледзела яго фільмы, нават літаратуру па псіхааналізе праштудзіравала. Каб хто сказаў, што гэта маё, адказала б: «Ну вы што?!» А спектакль моцны атрымаўся, узяў шмат узнагарод.
«Гульня шкляных перлаў»
Герман Гесэ – мой улюбёны аўтар. Яго «Гульня шкляных перлаў» заўжды са мной, часта перачытваю, асабліва на лецішчы, дзе застаюся сам насам з прыродай і сабой. І кожны раз думаю: адкуль ён так добра мяне ведае?
У кожнага з нас нялёгкае жыццё, у кожнага свае пакуты і выпрабаванні. Але ж яны даюцца нам не для таго, каб забіць нас. Гэта магчымасць супыніцца ў колазвароце штодзённасці, расплюшчыць вочы і пабачыць сапраўдны Божы свет. Адчуць той цуд, які натхняе, надае сілы. Бо кожны дзень устае сонца, а вясна прыходзіць заўжды.
Запісала Наталля Ганціеўская Фота: Ягор Войнаў, з архіва Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі
Читайте нас в Telegram, Facebook и Instagram (и не забывайте смотреть сторис). В соцсетях мы тоже каждый день публикуем самую интересную и актуальную информацию для вас.