Журнал
Алфавит

Алфавіт Уладзіміра Садоўскага: «Вобраз зомбі-апакаліпсіса – страх перад глабальнай пандэміяй»

Уладзімір – адзін з актыўных удзельнікаў беларускай благасферы. Таксама вы напэўна чыталі яго артыкулы, прысвечаныя беларускаму краязнаўству. Але для шырокага кола чытачоў Уладзімір Садоўскі стаў вядомым, калі выйшла яго кніга «1813», прысвечаная зомбі і Агінскаму (так, вы не памыліліся, таму самаму беларускаму кампазітару).


А – артэфакт

Значэнне гэтага слова я засвоіў у дзяцінстве з культавай камп’ютарнай гульні «Героі III». Там яно абазначала рэдкі магічны прадмет, які надаваў персанажу новыя ўласцівасці ці ўзмацняў тыя, што ўжо ёсць. Мая маці, доктар паводле адукацыі, вельмі здзіўлялася такому значэнню, бо з вучобы ў медінстытуце ведала, што артэфакт – гэта хіба на рэнтгенаўскім здымку. Вось такая розніца пакаленняў.

В – віртуальнасць

Усё больш і больш галін чалавечай дзейнасці перамяшчаецца ў свет камп’ютараў і інтэрнэта. На мой погляд, гэта не дрэнна і не добра, гэта прагрэс, ад якога не збегчы.

Г – горад

Лічу сябе гарадскім чалавекам, мне падабаюцца тыя выгоды, што дае ўрбанізм. Ніколі б не прамяняў гарадскую кватэру на вясковую хату, зрэшты, і вельмі вялікія тлумныя гарады, як Масква ці Нью-Ёрк, мяне таксама не прывабліваюць.

З – зомбі

Мне, як аўтару зомбі-хорара, грэх было іх не ўзгадаць. Вы задумваліся, чаму зомбі-тэматыка зараз настолькі папулярная? За апошнія дзесяцігоддзі выйшлі сотні, калі не тысячы, фільмаў, кніг і камп’ютарных гульняў пра зомбі, і гэтая плыня не збіраецца змяншацца. На маю думку, сучасны вобраз зомбі-апакаліпсіса ўвасабляе адзін з самых вялікіх страхаў чалавецтва – страх перад глабальнай пандэміяй, які засеў у масавым падсвядомым з часоў сярэднявечных эпідэмій чумы. Сучасная масавая культура выкарыстоўвае гэты страх, каб паказытаць нервы масавага спажыўца, а той і рады.

І – Іркуцк

Мой дзед быў прызваны ў войска ў 1950-я і накіраваны на службу з Беларусі ажно ў Забайкалле. Пасля заканчэння тэрміна службы ён перабраўся ў Іркуцк і нават уладкаваўся на працу на авіяцыйны завод. Дзед мог застацца там назаўжды, знайсці дзяўчыну – завесці сям’ю, але чамусьці вырашыў усё-такі вярнуцца на радзіму. Калі б Іркуцк зацягнуў дзеда мацней у свае сеткі, я б мог і не нарадзіцца. Іркуцк – страшны горад.

К – краязнаўства

Адно з маіх захапленняў – вывучэнне гісторыі свайго краю, горада, раёна. Часам пошук інфармацыі ў даваенных часопісах ці сканаванне старых фотаздымкаў могуць захапіць мяне на цэлы дзень.

О

О – у беларускай мове вельмі мала словаў з літары «о», і тыя, што ёсць, – запазычаныя. А ўсё так, бо гук «о» ў беларускай мове заўжды націскны – гэты факт я засвоіў яшчэ ў школе, хоць быў і не вельмі добрым вучнем: па мове ў атэстаце стаяла 4 балы з 10.

П – праект

Паводле асноўнай працы я інжынер-энергетык, праектую электрычныя сеткі для новых аб’ектаў. Праекты гэтыя трэба рабіць згодна з нормамі і стандартамі, але ў творчасці я стараюся пазбягаць такога падыходу.

Р – робат

Робат – слова, якім навуковая фантастыка як літаратурны жанр узбагаціла амаль усе мовы свету. Не многія ведаюць, што слову «робат» няма і 100 гадоў, упершыню ў значэнні штучнага чалавекападобнага аўтамата яно з’явілася на старонках кнігі Карэла Чапека «Расумскія ўніверсальныя робаты» ў 1920 годзе.

Ілюстрацыя з кнігі «1813» (мастак: Раман Петрашка)

С – сшытак

Першыя свае апавяданні я спачатку пісаў ад рукі ў агульным сшытку ў радкі. Затым з сшытка набіраў ужо ў вордаўскі файл на камп’ютары (ён у мяне з’явіўся ў 2001 годзе, і першыя мае спробы пісаць нешта мастацкае прыходзяцца на той жа час). Пры «алічбоўцы» тэкст з сшытка часам кардынальна мяняўся, перапісваліся цэлыя абзацы, дадаваліся новыя ці выкрэсліваліся старыя – можна сказаць, што такім чынам адбывалася рэдактура тэксту. Зараз я пішу ўсё адразу на камп’ютары, мне ўжо ў прынцыпе цяжка нешта пісаць доўга ад рукі. А той сшытак з першымі рукапіснымі апавяданнямі захаваўся, ляжыць недзе на антрэсолі.

Ў

Ў – літара-сімвал адметнасці і самастойнасці беларускай мовы. Нездарма менавіта яна выяўлена на помніку мове ў Полацку.

Фантастыка – жанр, з якога пачалася мая любоў да літаратуры ўвогуле. Ніколі не забуду, як бавіў халодныя вечары зімовай змены ў дзіцячым лагеры «Зубраня» са зборнікам апавяданняў выбітных майстроў-фантастаў «Прадаецца планета». Праз гэтую кнігу я палюбiў малыя літаратурныя формы. Яна і дагэтуль ёсць у маёй бібліятэцы, і я час ад часу перачытваю апавяданні з яе.

Ілюстрацыя з кнігі «1813» (мастак: Раман Петрашка)

Ц – цырк

Ніколі не любіў цырк ні ў дзяцінстве, ні цяпер. Жывёлы ў няволі пад пугай дрэсіроўшчыка, нізкія жарты і крыўлянні блазанаў, неабгрунтаваная рызыка акрабатаў. Па-мойму, гэтыя шоу – перажытак пазамінулага стагоддзя і недарэчныя ў наш час.

Ч – час, чэргі і чытанне

Я не застаў кіламетровыя савецкія чэргі за прадуктамі, бо быў занадта малы, калі развальваўся СССР. Але і ў наш час можна сутыкнуцца з гэтай з’явай у паліклініках, банках, дый у крамах у гадзіну пік. Я не аматар дарэмна губляць свой час у доўгіх чэргах, але калі прыходзіцца, то ў мяне заўжды з сабой ёсць што пачытаць, папяровая ці электронная кніга, у найгоршым разе – мабільнік з інтэрнэтам. Час у чэргах за чытаннем ляціць хутчэй.

Э – эльфы

У школе я ў прынцыпе грэбаваў шматлікімі прадметамі, рускай і беларускай літаратурамі таксама. Калі па праграме праходзілі «Вайну і мір» ці «Людзі на балоце», я чытаў «Валадара пярсцёнкаў» Дж. Р. Р. Толкіна, дзе хобіты з балоцістага Шыра разам з гномамі, эльфамі і людзьмі ваявалі супраць оркаў і гоблінаў. Пагадзіцеся, гэта гучыць цікавей, чым сухое апісанне класікі з хрэстаматыі.

Падрыхтаваў Андрэй Дзічэнка

Фота з асабістага архіва

Related posts

Алфавит Лары Фабиан

Город Женщин

Алфавит Мелитины Станюты

Город Женщин

Скульптор Максим Петруль: «Хочешь-не хочешь, но ты обязан начинать все с «я». Иначе ничего никогда не получится».

Город Женщин

Оставить комментарий