Журнал
Алфавит

«Палярнае ззянне ў Беларусі я фатаграфаваў з дзесятак разоў». Касмічны алфавiт астранома Віктара Малышчыца

Віктар Малышчыц

«І вось мы стаім у поўнай цемры сярод магільных крыжоў, побач з намі выюць ваўкі, а над намі – цудоўнае зорнае неба…» – успамiнае астрафатограф Віктар Малышчыц. Неба – любоў Вiктара з ранняга дзяцiнства. Шмат гадоў ён не толькi вывучае i выкладае астраномiю, але i робiць фотаздымкi неверагоднай прыгажосцi. Лепшага героя для «касмiчнага» алфавiту ў Беларусi проста не знойдзеш. Вiктар назваў нам свае асацыяцыi з кожнай лiтарай слова «небакрай», дзякуючы чаму мы даведалiся шмат цiкавага. Напрыклад, калi ў Беларусi можна назiраць палярнае ззянне, чаму НЛА «прылятаюць» да нас па пятнiцах, а вожык – самы страшны звер начнога лесу.


Віктар Малышчыц
Віктар Малышчыц, астрафатограф

Н – ноч

Насамрэч ноч – рознакаляровая. Але наша вока не ў стане гэта ўбачыць. Калі мы знаходзімся ў звычайных месцах Беларусі: на палях, у лясах, каля рэчак, – то нават не ўяўляем сабе, якая прыгажосць вакол нас.
Зоркі па ўсім небе ззяюць на самыя розныя лады: блакітны, чырвоны, залацісты, аранжавы. Млечны шлях таксама пераліваецца рознымі адценнямі.

Нават неба свеціцца! Ноччу наша Зямля акутана тоненькім зялёным шлейфам. Гэта вынік рэакцыі, якая ўзнікае, калі атамы атмасферы сутыкаюцца з часцінкамі з космасу. На жаль, нічога гэтага мы не бачым. А камера ўмее накапліваць святло, што дазваляе паказаць су­свет такім, які ён ёсць насамрэч. Таму я і здымаю неба.

Віктар Малышчыц
Серабрыстыя аблокі над Мінскам

Е – мЕсяц

Людзі часта любуюцца нашым спадарожнікам: які ён прыгожы, як упрыгожвае ноч. Але для ўсіх, хто назірае за зоркамі, Месяц – галоўны вораг. Немагчыма штосьці разгледзець, калі на небе ёсць нават танюсенькі сярпок маладзіка.

У час поўні, калі спадарожнік на небе застаецца на ўсю ноч, нават абсерваторыі спыняюць сваю звычайную працу. Гэтыя ночы называюцца «сэрвіснымі»: рамантуюць, правяраюць, настройваюць тэхніку.

Марціновіч не выдумаў Возер радасці – на Месяцы ёсць возера з такой назвай

Усе, хто вывучае неба, ужо ведаюць Месяц уздоўж і ўпоперак, таму нам ён не цікавы. Але калі вы робіце першыя крокі ў астраноміі ці толькі купілі тэлескоп, у першую чаргу звярніце ўвагу на Месяц. Будзеце ў захапленні.

Нават праз самы просты тэлескоп добра відаць горы, кратары, «моры» і «азёры» на Месяцы. Усе назвы гор там супадаюць з зямнымі: лёгка ўбачыце і Альпы, і Каўказ, і Карпаты, і Пірэнеі.

Віктар Малышчыц
Возера Божае Вока, Браслаўскі раён

А вось моры і азёры на Месяцы маюць незвычайныя назвы. Ёсць мора Крызісаў, мора Яснасці, мора Спакою, мора Дажджоў, заліў Вясёлкі. Усе чулі пра раман Віктара Марціновіча «Возера Радасці». Марціновіч яго не выдумаў – на Месяцы ёсць возера Радасці.

Чытайце таксама: Виктор Мартинович: «Книга – это маленький Большой взрыв»

У марах і азёрах на Месяцы, канешне, няма ніякай вады і ніколі не было. Калісьці лава заліла вялікія прасторы на паверхні спадарожніка. Людзі, убачыўшы гэтыя плямы, спачатку вырашылі, што там вада.

Віктар Малышчыц

Б – бура

Бура – гэта не толькі дождж, вецер і маланкі. У космасе таксама ёсць буры – магнітныя. Яны ўтвараюцца пасля выбухаў на Сонцы. Энергія выбуху – дзесяткі мільёнаў вадародных бомб. У космас выкідваецца паток плазмы, які можа дасягаць Зямлі і прарвацца ў атмасферу. З-за рэакцыі ўзнікае палярнае ззянне.

Часцей за ўсё яно здараецца ў раёне зямных палюсоў. Але калі паток плазмы вельмі моцны, то палярнае ззянне можна назіраць і ў Беларусі. Я фатаграфаваў яго з дзесятак разоў, а вачыма бачыў тры ці чатыры разы. У 2015 годзе бачыў нават у Мінску – чырвоныя слупы стаялі проста над галавой.

Віктар Малышчыц
Раўбічы

Сайтаў, якія манітораць магнітныя буры, хапае. Так што калі бачыце, што на гэту ноч прадказваюць асабліва моцную, можна выехаць за горад і паназіраць за небам. Часам бачыш: графік на маніторы рэзка пайшоў уверх, – кідаеш усё і нясешся ў поле, каб паспець. Шанцы на поспех – 50 на 50, але ёсць.

Віктар Малышчыц
Дуб ля Княгініна, Мядзельскі раён

А — «А»

«А» – самая папулярная літара ў назвах зорак: больш за палову пачынаецца з яе. Напрыклад, Альтаір, Альдэбаран, нават Алькаід ёсць на небе. Звязана гэта з тым, што большасць назваў зоркам у глыбокай старажытнасці давалі арабы – Усход быў цэнтрам развіцця астраноміі. Дзякуючы іх пісьмовым трактатам гэтыя назвы і захаваліся па сённяшні дзень.

Цяпер ёсць кампаніі, якія за грошы называюць зоркі вашым імем. Гэта шарлатанства. Астраномы з усяго свету даўно прынялі рашэнне больш не даваць новыя назвы зоркам. Старыя назвы застаюцца, а новыя не ўзнікаюць. У адной нашай галактыцы – 200 млрд зорак. Няма сэнсу называць кожную з іх. Таксама як і казаць, што «адкрылі зорку». Вазьміце большы тэлескоп, убачыце больш зорак – вось і ўсё.

А кампаніі робяць свае каталогі з зоркамі і даюць назвы. Толькі ніхто, акрамя гэтай фірмы, пра тыя каталогі не ведае. Але людзі ве­раць i купляюць.

Ёсць кампаніі, якія за грошы называюць зоркі вашым імем. Гэта шарлатанства

Віктар Малышчыц
У Альманскіх балотах

К — Каханне

Цяжка на свеце знайсці штосьці больш рамантычнае за зорную рамантыку. Выехаць з дзяўчынай з Мінска за сотню кіламетраў, выключыць святло, разглядаць неба. А каб паказаць нейкую канкрэтную зорку, трэба стаць блізка, дакрануцца да рукі… Мае вучні як адзiн кажуць, што зорнае неба дапамагае ўразіць дзяўчыну.

А часам атрымліваецца наадварот. Я вяду факультатыў па астраноміі для вучняў розных школ. Бываюць выпадкі, калі дзяўчына захоплена небам, а хлопец – дзяўчынай. І ён дзеля яе пачынае паглыбляцца ў астраномію, рашае задачы, вучыць, чытае дадатковую літаратуру. У рэшце рэшт пра дзяўчыну забывае (бо яна яго адшывае), а любоў да зорак застаецца на ўсё жыццё.

А можа гісторыя завяршыцца і інакш. На нашым факультатыве ўтварылася аж тры сям’і. У адных я нават на вяселлі гуляў. Так што, як ні круці, а зоркі збліжаюць. Толькі чамусьці ў выпадку маёй жонкі зорная рамантыка не дзейнічала – яна да неба была абыякавая.

Віктар Малышчыц
Над прыпяцкімі разлівамі

Р –Розум

Калі дакладней, іншапланетны розум. Мне часам тэлефануюць, просяць прыехаць з тэхнікай, «бо над намі ляціць НЛА, пераліваецца рознымі колерамі». Такое «НЛА» з’яўляецца звычайна па пятніцах і суботах, калi праходзяць карпаратывы. Гэта кітайскія ліхтарыкі ці шарыкі з дыёдзікамі.

Доўгі час вучоныя шукалі іншапланетны розум. Арганізоўвалі сур’ёзныя праекты, абаранялі дысертацыі, выдаткавалi кучу грошай і часу. Не адзін раз здавалася, што яшчэ крыху – і знойдзем.

Адзін з апошніх выпадкаў здарыўся ўсяго гадоў 10 таму. На адным з радыётэлескопаў Аўстраліі пачалі фіксаваць незвычайныя імпульсы. Гэта была сенсацыя. Але вучоных ставіла ў тупік, чаму імпульсы ўзнікаюць толькі ў адным месцы на Зямлі. Аказалася, справа ў мікрахвалёўцы. Калі супрацоўнікі той абсерваторыі адчынялі дзверцу мiкрахвалёўкі, не чакаючы канца таймера, радыёвыпраменьванне ад яе давала памехi на тэлескоп у выглядзе кароткіх імпульсаў.

На адным з радыётэлескопаў Аўстраліі пачалі фіксаваць незвычайныя імпульсы. Гэта была сенсацыя. Але Аказалася, справа ў мікрахвалёўцы.

Так што ў пошуках іншапланетнага розуму мы застаемся на поўным нулі. Адсутнасць вынікаў прывяла да таго, што апошнім часам у гэтай тэме пануе моцны скептыцызм.

Так, існаванне жыцця на Зямлі – гэта ўнікальная сітуацыя, для якой сышлося шмат фактараў. Але з другога боку, калі зусім малую імавернасць таго, што ўсе гэтыя фактары сыдуцца, памножыць на колькасць зорак – толькі ў нашай галактыцы іх 200 мільярдаў, – то можа атрымацца немаленькая лічба. Таму ёсць сэнс гэта жыццё шукаць.

Трэнд апошніх двух дзесяцігоддзяў – адкрыццё новых планет. У 2019 годзе вучоныя нават атрымалі Нобелеўскую прэмію за адкрыццё новай планеты. Мы ўжо ведаем, што ёсць зоркі, падобныя да Сонца, і планеты, падобныя да Зямлі. Нават след вады знайшлі на некаторых планетах.

Віктар Малышчыц
Белая ноч на возеры Струста

А – Аблокi

Ёсць адзін незвычайны тып аблокаў, якія любяць астраномы, – серабрыстыя аблокі. Яны – вялікая загадка. У адрозненне ад другіх тыпаў аблокаў, яны знаходзяцца амаль у космасе – на вышыні 80 км. Калі б вы там апынуліся, то бычылі б ужо чорнае неба, а знізу была б бяскрайняя блакітная зямля.

Вялікая загадка, як яны туды трапляюць і з чаго складаюцца. Вывучыць іх немагчыма: касмічныя спадарожнікі не лётаюць так нізка, а дроны з зямлі не падымаюцца так высока.

Яны ўзнікаюць толькі ў цёплы перыяд – чэрвень, пачатак ліпеня. Знаходзяцца над палярнымі рэгіёнамі (Швецыя, Скандынавія), але лепш за ўсё бачны менавіта з тэрыторыі Беларусі. Дарэчы, адкрыў іх ураджэнец Беларусі Вітольд Цэраскі 137 гадоў таму.

Віктар Малышчыц
Царква святога Георгія ў Слабодцы Стаўбцоўскага раёна

Серабрыстыя аблокi – неверагодна прыгожае відовішча. Улетку глыбокай ноччу звяртайце ўвагу на неба. Калі-нікалі над гарызонтам узнікаюць серабрыстыя хвалькі, завітушкі, якія досыць ярка свецяцца, быццам самі аблокі свецяцца.

Віктар Малышчыц
Вiктар Малышчыц назірае за зацьменнем Месяца

Вожык – гэта самы страшны звер уначы. Калі ён ідзе на цябе праз кусты, то грукат і трэск стаяць, як ад мядзведзя

Й — воЙ

Аднойчы мы з трыма вучнямі паехалі здымаць зоркі ў Лепельскі раён. Там ёсць вельмі цікавае месца з каменнымі крыжамі. Калісьці гэта былі сярэднявечныя могілкі, потым іх зацягнулі на вяршыню аднаго з пагоркаў і там пакінулі для турыстаў.

Залезлі мы на гэты пагорак, адшукалі крыжы, падрыхтаваліся здымаць і назіраць. І тут у лесе побач з намі раздаўся гучны вой: «А-у-у!» І па ўсім лесе: «Ау-у-у! Ау-у-у!» Аказваецца, ваўкі спакойна могуць выць зграямі не толькі ўзімку, але і ў пачатку восені.

Віктар Малышчыц
Двор Таронкавiчы

І вось мы стаім у поўнай цем­ры сярод магільных крыжоў, побач з намі выюць ваўкі, а над намі – цудоўнае зорнае неба… Дарэчы, ніхто з нас не захацеў сыходзіць. А ваўкі павылі-павылі – і супакоіліся.
Многія пытаюць: ці не страшна па начах бадзяцца па палях ці балотах? Трэба сказаць, што хутка да цемры прывыкаеш, і нічога страшнага ў ёй няма. Дзікія жывёлы цябе баяцца яшчэ больш, чым ты іх. Акрамя вожыка.

Вожык – гэта самы страшны звер уначы. Калі ён ідзе на цябе праз кусты, то грукат і трэск стаяць, як ад мядзведзя. Ты чуеш трэск, свеціш ліхтарыкам – нікога не бачна. А трэск усё набліжаецца, набліжаецца… Пакуль не ўбачыш калючы клубочак, які ідзе па сваіх справах. 

Читайте нас в TelegramFacebook и Instagram (и не забывайте смотреть сторис). Там мы публикуем самую интересную информацию.

Рекомендуем

Алфавит Максима Поташева.

Город Женщин

«Надо знать: ты – особенный!» Елизавета Мисникова и ее Алфавит

Город Женщин

Алфавит NAVIBAND: «Человек – важная часть мира, и своими усилиями он всегда менял и меняет мир»

Город Женщин

Оставить комментарий