Музыка вядомых беларускіх гуртоў NRM, Volski, ZET, Крамбамбуля – Лявон Вольскі разважае пра Беларусь, музыку, рок, час, юнацтва. Узгадвае мінулыя часы і марыць пра светлую будучыню. Калі ўзгадваеш асобу Лявона, нічога дадаваць не прыходзіцца. І хай у кожнага свае асацыяцыі з Лявонам, яго складнікі жыцця – у абраных літарах.
А – акорд
Акорды бываюць розныя – вясёлыя, сумныя, блатныя, простыя, авангардныя, дзембельскія, завяршальныя… З гэтых розных акордаў складаюцца розныя гармоніі. Потым пішуцца мелодыя і словы. І з усяго гэтага складаецца песня нашага жыцьця.
Часам вясёлая, часам не вельмі. У кагосьці доўгая, у кагосьці не зусім. У кагосьці яна ўпісваецца ў фармат беларускіх ФМ-радыё, а ў кагосьці – не.
Б – Беларусь
Ёсць шмат штампаў пра гэтую краіну. Край бульбы, стабільнасці, апошнай дыктатуры, парадку, чысціні, добрых дарог… Яшчэ чамусьці лічыцца, што Беларусь маленькая. Штампы звычайна не зусім адпавядаюць рэчаіснасці. У маштабах Еўропы гэта зусім не малая краіна. Можа быць, проста не варта параўноўваць з гігантычным усходнім суседам?
Розныя стравы з бульбы ядуць ва ўсёй Еўропе, не кажучы пра абедзьве Амерыкі. Проста дранік будзе называцца недзе placek ziemniaczany, а недзе – kartoffelpuffer. Што такое беларуская стабільнасць, мы ўжо неаднаразова выпрабавалі на ўласным досведзе.
Апошняя дыктатура знянацку зрабілася не апошняй і нейкай несур’ёзнай. Безумоўна, нельга так казаць, калі ламаюцца лёсы людзей праз затрыманні, турмы, звальненні, чорныя спісы. Але побач ідзе вайна і, як ні круці, ёсць з чым параўноўваць. Недарэчныя загады, беспакаранасць ахоўнікаў парадку, хаатычныя забудовы ў Менску…
Але на гэтай тэрыторыі ёсць нешта чароўнае і прыцягальнае. Яго не вызначыш ніякімі стабільнасцямі, дыктатурамі і дажынкамі. Гэта нешта магічнае і невытлумачальнае. Тое, што прымушае тут быць, ствараць, радавацца, пераймаць і сумаваць.
Ё – ёлка
Па-беларуску вельмі цікава атрымліваецца: у лесе расце елка, а калі надыходзяць Каляды, у хаце з’яўляецца ёлка. Гэта тая самая елка з лесу, толькі ўпрыгожаная. Для мяне з дзяцінства ў гэтых зімовых святах ёсць нешта чароўнае і сакраментальнае.
Дзед Мароз, Зюзя, Святы Мікалай, ліхтарыкі, званочкі, падарункі і чаканне цуду. А цуды здараюцца, паверце. Асабліва ў калядна-навагодні час.
І – іронія і самаіронія
Яна мне заўсёды дапамагае.
М – мяжа
Мы жывем сярод розных межаў. Ёсць межы, якія рэгламентуюць нашыя паводзіны, дрэс-код, гастранамічныя і энагастранамічныя ўпадабанні, выбар аўтамабіля, жытла, спадарожнікаў жыцця… У некага гэтыя межы шырэйшыя, у кагосьці вузейшыя.
Нехта жыве ў велізарнай краіне, напоўненай тысячамі людзей і рэчаў, а хтосьці – ў маленькім горадзе-дзяржаве. Адзін чалавек шчаслівы ў межах свайго маленькага мястэчка, а другі няшчасны ў бязмежнай імперыі.
Р – рок
Гэта можа быць музыка. Гэта можа быць стыль жыцця. Яшчэ гэта лёс. Тое, чаго не абмінуць, не абыйсці, не збочыць. У маім жыцці дзіўна перапляліся ўсе значэнні гэтага кароткага вострага і гучнага слова.
Т – тамагаўк
Не ведаю, чаму мне прыгадалася гэтае слова. Можа, я проста люблю вестэрны?
У – урад, урадлівасць.
Можна падумаць, што гэта аднакарэнныя словы. І так хочацца, каб абодва гэтыя словы не асацыяваліся з «бітвай за ўраджай». А каб неяк спакойна, ціха і прафесійна сабралі ўраджай, а з усяго ўраду на гэта б звяртаў увагу адно міністр сельскай гаспадаркі, як і належыць.
Ч – час
Бывае, ён ляціць стралою. Гады мінаюць адзін за адным – не паспяваеш лічыць. А раптам пачынае цягнуцца марудна, як чарга ў банку. Глядзіш на гадзіннік – стрэлка нібыта зусім не рухаецца. Яшчэ ён бывае прошлы, цяперашні і будучы.
Хочацца верыць, што ўчора было някепска, сёння – добра, а заўтра будзе выдатна. Але час – парадаксальная рэч, як я казаў вышэй, і ніхто ні ад чаго не застрахаваны.
Э – эра
Гэтая новая эра – зусім іншая. І ўжо цяжка ўявіць сябе ў папярэдняй – без інтэрнэту, без айфона, без безлічы розных дэвайсаў. Гавораць, у той, папярэдняй, было нешта сапраўднае – тое, чаго няма ў цяперашняй. Не ведаю.
Раней цёткі гадзінамі размаўлялі па хатніх тэлефонах. Плёткі – чуткі, праўда – няпраўда… Цяпер яны гэтым займаюцца ў сацыяльных сетках. Я не кажу, што нічога не змянілася. Я хачу сказаць, што мне ў гэтай новай эры досыць камфортна, і я не прагну вяртання ў папярэднюю, як некатoрыя.
Ю – юнацтва
У юнацтве я хоць і быў дурны, як сабака да году, але ўжо вызначыў для сябе некаторыя прыярытэты: свабода, любоў, творчасць. Можна дадаць сюды веру і надзею. Яшчэ вызначылася мова творчасці і жыцця.
Шмат для каго юнацтва – гэта далёкі шчаслівы час, калі ўсе былі хіпі-панкамі, музыкамі, змагарамі з сістэмай, кахалі і ладзілі вар’яцкія імпрэзы. Дык вось для мяне гэты час цягнецца дагэтуль.
Запісала Юлія Ваўчок
Фота: Андрэй Давыдчык