Журнал
Алфавит Культура

Алфавіт Андруся Горвата: «У атачэнні гістарычных падзеяў мы, беларусы, паводзім сябе так, нібы муку прадаўшы»

Андрусь Горват

Андрусь Горват — цікавы персанаж для любога раману. Быў рэдактарам, дворнікам у Купалаўскім тэатры, потым паехаў на радзіму да продкаў, адвіў дзедаву хату, а заадно — напісаў кнігу «Радзіва «Прудок». Цяпер вяртае да жыцця Нараўлянскі палац, які называе з любоўю «Горватс». Але мы сустракаліся с Андрусем, калі толькі-толькі выйшла яго кніга, а на сцэне Купалаўскага тэатра рыхтавалася прэм’ера спектаклю па ей. Андрусь распавеў нам, якія асацыяцыі вызываюць у яго розныя літары.


А – абутак

Гэта першае, што я абіраю, калі ведаю, якая наперадзе будзе дарога. Калі я змяняюся і выбіраю новы напрамак, іншыя прыярытэты, то пераабуваюся.

Восенню паехаў у вялікую вандроўку па караінах Заходняй Еўропы ў чырвоных кедах. Меў план урачыста закапаць гэтыя кеды ў апошняй кропцы маршруту – Кіеве, каб вярнуцца дадому новым чалавекам, але вярнуўся ў чырвоных кедах.

Цяпер нават купіў да іх новыя вусцелкі, бо адчуваю, што не ўсё сваё прайшоў, не ўсю гэтую дарогу зведаў.

Б – Берлін

Мне расказвалі, што гэта горад скараных савецкімі салдатамі фашыстаў, горад, дзе дзяды ваявалі, а там ёсць свабода, якой хочацца напаўняцца. Берлін – гэта горад, які вырас з вялікай паразы і перамог саміх пераможцаў.

Перамог іх (нас?) не зброяй, а рэфлексіямі. Берлін для мяне – прыклад таго, як трэба падымацца з кален правільна.

Андрусь Горват

Д Дзэн

Гэта самае беларускае слова. Яно больш беларускае за «памяркоўнасць». Калі мне спатрэбіцца хутка расказаць пра беларусаў іншаземцам, я распавяду пра наш унутраны спакой.

Вакол адбываюцца рэвалюцыі і войны. У атачэнні гістарычных падзеяў мы, беларусы, паводзім сябе так, нібы муку прадаўшы. Здаецца, трэба што-небудзь рабіць. Ну хаця б панікаваць.

А мы спакойна глядзім удалячынь і мудра пасміхаемся ў вусы. Нібы ведаем штосьці, чаго не ведаюць астатнія. Пакуль усе навокал крычаць, мы спакойна робім сваю справу і кудысцьці рухаемся.

Гэты дзэн паўстае з нашай глыбіні, з схаванага ў цёмнай дрыгве патэнцыялу. Калі б я быў самым галоўным міністрам на кантыненце, я б выдзеліў палову еўрапейскага бюджэту на разгадку беларускага дзэну. І нічога не разгадаў бы.

книга Андруся Горвата Гудок

Е — Е

Маё любімае слова. Гэта палескае скарачэнне ад «ёсць». Калі вы на Палессі сустракаеце трактарыста, трэба запытаць: «Е што?» Трактарыст адкажа: «Няма. А ў цябе?» У вас таксама няма, але ўсё адно абодвум стане добра. Бо галоўнае не выпіць, а пагаварыць.

Калі я ехаў аўтобусам з Амстардама ў Бельгію, пачуў у чужой размове слова «е». Адразу так цёпла стала, так утульна. Ажно захацелася далучыцца, стаць трэцім. А то проста скарацілі англійскае yes. І мне захацелася дадому, дзе «е» ужываюць правільна.

Ж – жонка

Ай не, пакуль не хачу.

С – сала

Гэта адзінае, што можа прымусіць мяне падняцца з ложка пасля поўначы. Ну ведаеце, бывае так: спакойна ляжаш і думаеш на важныя грамадска-палітычныя тэмы, а потым – раз – і толькі сала ў галаве. Тады нічога не застаецца, як з ліхтарыкам шукаць хованку. Я прыехаў жыць у вёску вегетарыянцам. Але ўсе мае прынцыпы паламаліся аб шматок сала.

Купляў сала ў італьянскай вёсачцы каля Пізы, але там яно нясмачнае. Украінцы нацыяналізавалі яго, беларусам пакінулі бульбу. Але гэта абсурд. Бульбу я ўвогуле не люблю, а беларускае сала – наркотык.

Чытайце таксама: Актрыса Таццяна Мархель: «Беларускае – было і ёсць у нас. Гэта наш скарб»

Ч – чупакабра

Гэта тое, што жыве ў лесе, калі вечарам глядзець у вакно. Адзін кіроўца, які падвозіў мяне да Прудка, сказаў, што тая чупакабра перабягала яму дарогу. Яна была падобна да кенгуру і мела плоскі чалавечы твар. Мы моўчкі ўглядаліся ў цемру, якая схавалася за дрэвамі, але нікога не пабачылі. Гэта не азначае, што чупакабры няма. Іначай хто зазірае мне ў вокны ноччу?

Э – эмоцыя

Гэта тое, без чаго не можа быць мастацтва. Я даўно спрачаюся з паэтам і публіцыстам Стасем Карпавым (да яго няшчасця, і маім харошым сябрам), што з’яўляецца першасным у мастацкім тэксце: інфармацыя ці эмоцыя. Стась сцвярджае, што інфармацыя, але ён памыляецца. (Пасміхаецца.)

Андрусь Горват

Я

Гэта не літара, а цэлае слова. Гэта самае важнае слова для кожнага чалавека. У школе мяне вучылі, што быць эгаістам – пагана. Ленін не быў эгаістам, ён малайчына. На праўдзе аказалася, што ўсё пачынаецца з «я». Здаровае «мы» можа ўтварыць толькі сума здаровых «я».

Колісь я наведваў псіхатэрапеўта. Ён навучыў мяне пачынаць сказы з «я». Замест «яна мяне не любіць» казаць: «я адчуваю, што яна мяне не любіць». Разумееце, гэтая формула дае свабоду ўяўнай ёй перажываць свае пачуцці, а мне пакідае толькі права на асабістае ўспрыманне. Таму «я» – гэта не толькі пра эгацэнтрызм, але і пра прыняцце іншых «я».

З гэтай прычыны я не магу весці суполкі ў інтэрнеце, гаварыць ад імя групы людзей. Я заўсёды падпісваюся толькі сваім імем. А калі памыляюся, дастаткова толькі сказаць: «Ну, я так адчуваю». І ўсё шыта-крыта.

Запісала Юлія Ваўчок Фота: Іван Ярывановіч

Чытайце нас у TelegramFacebook и Instagram. У соцсетках мы таксама кожны дзень публикуем самую цікавую і актуальную інфармацыю для вас.

Рекомендуем

Теперь вы точно решитесь на фотосессию мечты. Посмотрите, какие шедевры создают фотографы Беларуси

Город Женщин

Нобелевским лауреатом по литературе стал писатель, «которого раньше игнорировали»

Город Женщин

Валерия Лисицкая: «Моя жизнь без искусства немыслима».

Город Женщин

Оставить комментарий