лабкова-афиша copy

Паказ Купальскай калекцыi Людмілы Лабковай «Папараць-кветка» spring / summer-2016

Ноч напярэдадні Купалля са старажытных часоў лічыцца часам, калі адбываюцца цуды. Паводле народных павер’яў, у Купальскую ноч з неба сыходзіць агонь Перуна, і менавіта ў гэты момант расквітае на некалькі імгненняў папараць-кветка. У гэты час трэба паспець знайсці таямнічую кветку, каб потым мець усё, чаго толькі душа пажадае!

Увечары 5 ліпеня тэраса легендарнага рэстараннага комплексу «Журавінка» асвеціцца чароўным ззяннем моднага паказу калекцыі «Папараць-кветка» ад дызайнера Людмілы Лабковай. Напярэдадні купальскай ночы ў самым сэрцы беларускай сталіцы на беразе ракі Свіслач на закрытым мерапрыемстве збяруцца знаўцы моды і душэўнага адпачынку, папулярныя музыкі і прадстаўнікі СМІ, каб першымі даведацца пра модныя тэндэнцыі лета будучага года ад вядомага брэнда «LUDMILALABKOVA».

У купальскай калекцыі этнічныя матывы беларускага касцюма сплятаюцца ў апантаным танцы з сучаснай модай і старажытнымі традыцыямі, магічная «Папараць-кветка» абуджае ўспаміны пра язычніцкія абрады нашых продкаў.

Госці паказу ўбачаць яскравае дэфіле ад мадэльнага агенцтва «BJ» і цудоўныя вобразы ад студыі прыгажосці «Inspiration with Dimitriy Zhdan» і аўтарскай школы візажу Вікторыі Макейчык «ViM-Studio», абутак для дэфiле прадставiць персанальная дызайн-студыя Марыны Шалiма «Studio Sutoria». Чароўны вечар на набярэжнай дапоўніць жывая этна-музыка, эксклюзіўныя сэты ад самай прывабнай дзяўчыны-ды-джэя — Dj Usta. Гасцей вечара чакае бліскучы канферанс ад тэлевядучай і спявачкі Ніны Кароль (Багданавай).