maneta

Гісторыя фальшываманецтва

17 мая ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы «Зладзейскія грошы, або Гісторыя фальшываманецтва». Праект падрыхтаваны сумесна з Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь і гістарычным факультэтам Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Гісторыя фальшываманецтва налічвае амаль столькі ж гадоў, колькі і гісторыя ўласна грошай. Імкненне да незаконнага ўзбагачэння шляхам падробкі легальных плацёжных сродкаў фіксуецца практычна ва ўсіх кутках свету і ва ўсе гістарычныя перыяды. Не абмінула гэтая з’ява і тэрыторыю Беларусі.

У апошнія стагоддзі, з развіццём нумізматычнага калекцыянавання, у вытворчасці несапраўдных грошай з’явілася новае адгалінаванне – выпуск антыкварных падробак, якія вырабляюцца для рэалізацыі калекцыянерам, а не для грашовага абарачэння.

На выставе адлюстраваны не толькі фальшываманецтва, як злачынства, але і псаванне грошай на дзяржаўным узроўні, стварэнне антыкварных падробак.

У экспазіцыі прадстаўлены фальшывыя манеты і банкноты, дакументальныя вытрымкі пра найбольш вядомыя справы фальшываманетчыкаў, інструменты для падробкі манет і банкнотаў, антыкварныя падробкі.

З мэтай параўнання большая частка падробак размешчана поруч з арыгіналамі. На выставе экспануюцца прадметы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Музея крыміналістыкі пры Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, Музея цэнтра культурна-выхаваўчай работы МУС Рэспублікі Беларусь, Музея гістарычнага факультэта БДУ, а таксама прыватных збораў – музей агратурыстычнага комплексу «Наносы‑Наваселле» і інш.

Вялікая ўвага на часовай экспазіцыі надаецца тэме крымінальнай адказнасці за фальшываманецтва ў розныя перыяды гісторыі ад Сярэднявечча да сучаснасці.

Выстава працягнецца да 11 ліпеня.