JAR_0924 copy+

Алфавіт Андруся Горвата

Кніга «Радзіва «Прудок» Андруся Горвата са свайго нараджэння выдавалася ўжо некалькі разоў і стала прутком-пачаткам папулярнасці нашага героя. Пры гэтым сам тэкст паспеў трансфармавацца ў п’есу, прэм’еру спектакля па якой можна будзе хутка ўбачыць у Купалаўскім тэатры. А ўсё пачыналася з фэйсбучных нататак…

JAR_0924 copy

Абутак – гэта першае, што я абіраю, калі ведаю, якая наперадзе будзе дарога. Калі я змяняюся і выбіраю новы напрамак, іншыя прыярытэты, то пераабуваюся.

Восенню паехаў у вялікую вандроўку па караінах Заходняй Еўропы ў чырвоных кедах. Меў план урачыста закапаць гэтыя кеды ў апошняй кропцы маршруту – Кіеве, каб вярнуцца дадому новым чалавекам, але вярнуўся ў чырвоных кедах. Цяпер нават купіў да іх новыя вусцелкі, бо адчуваю, што не ўсё сваё прайшоў, не ўсю гэтую дарогу зведаў.

Берлін. Мне расказвалі, што гэта горад скараных савецкімі салдатамі фашыстаў, горад, дзе дзяды ваявалі, а там ёсць свабода, якой хочацца напаўняцца. Берлін – гэта горад, які вырас з вялікай паразы і перамог саміх пераможцаў. Перамог іх (нас?) не зброяй, а рэфлексіямі. Берлін для мяне – прыклад таго, як трэба падымацца з кален правільна.

Дзэн – гэта самае беларускае слова. Яно больш беларускае за «памяркоўнасць». Калі мне спатрэбіцца хутка расказаць пра беларусаў іншаземцам, я распавяду пра наш унутраны спакой. Вакол адбываюцца рэвалюцыі і войны. У атачэнні гістарычных падзеяў мы, беларусы, паводзім сябе так, нібы муку прадаўшы. Здаецца, трэба што-небудзь рабіць. Ну хаця б панікаваць. А мы спакойна глядзім удалячынь і мудра пасміхаемся ў вусы. Нібы ведаем штосьці, чаго не ведаюць астатнія. Пакуль усе навокал крычаць, мы спакойна робім сваю справу і кудысцьці рухаемся.

Гэты дзэн паўстае з нашай глыбіні, з схаванага ў цёмнай дрыгве патэнцыялу. Калі б я быў самым галоўным міністрам на кантыненце, я б выдзеліў палову еўрапейскага бюджэту на разгадку беларускага дзэну. І нічога не разгадаў бы.

прудок

Е – маё любімае слова. Гэта палескае скарачэнне ад «ёсць». Калі вы на Палессі сустракаеце трактарыста, трэба запытаць: «Е што?» Трактарыст адкажа: «Няма. А ў цябе?» У вас таксама няма, але ўсё адно абодвум стане добра. Бо галоўнае не выпіць, а пагаварыць.

Калі я ехаў аўтобусам з Амстардама ў Бельгію, пачуў у чужой размове слова «е». Адразу так цёпла стала, так утульна. Ажно захацелася далучыцца, стаць трэцім. А то проста скарацілі англійскае yes. І мне захацелася дадому, дзе «е» ужываюць правільна.

Жонка. Ай не, пакуль не хачу.

Сала – гэта адзінае, што можа прымусіць мяне падняцца з ложка пасля поўначы. Ну ведаеце, бывае так: спакойна ляжаш і думаеш на важныя грамадска-палітычныя тэмы, а потым – раз – і толькі сала ў галаве. Тады нічога не застаецца, як з ліхтарыкам шукаць хованку. Я прыехаў жыць у вёску вегетарыянцам. Але ўсе мае прынцыпы паламаліся аб шматок сала.

Купляў сала ў італьянскай вёсачцы каля Пізы, але там яно нясмачнае. Украінцы нацыяналізавалі яго, беларусам пакінулі бульбу. Але гэта абсурд. Бульбу я ўвогуле не люблю, а беларускае сала – наркотык.

Чупакабра. Гэта тое, што жыве ў лесе, калі вечарам глядзець у вакно. Адзін кіроўца, які падвозіў мяне да Прудка, сказаў, што тая чупакабра перабягала яму дарогу. Яна была падобна да кенгуру і мела плоскі чалавечы твар. Мы моўчкі ўглядаліся ў цемру, якая схавалася за дрэвамі, але нікога не пабачылі. Гэта не азначае, што чупакабры няма. Іначай хто зазірае мне ў вокны ноччу?

JAR_0918 copy

Эмоцыя – гэта тое, без чаго не можа быць мастацтва. Я даўно спрачаюся з паэтам і публіцыстам Стасем Карпавым (да яго няшчасця, і маім харошым сябрам), што з’яўляецца першасным у мастацкім тэксце: інфармацыя ці эмоцыя. Стась сцвярджае, што інфармацыя, але ён памыляецца. (Пасміхаецца.)

Я. Гэта не літара, а цэлае слова. Гэта самае важнае слова для кожнага чалавека. У школе мяне вучылі, што быць эгаістам – пагана. Ленін не быў эгаістам, ён малайчына. На праўдзе аказалася, што ўсё пачынаецца з «я». Здаровае «мы» можа ўтварыць толькі сума здаровых «я».

Колісь я наведваў псіхатэрапеўта. Ён навучыў мяне пачынаць сказы з «я». Замест «яна мяне не любіць» казаць: «я адчуваю, што яна мяне не любіць». Разумееце, гэтая формула дае свабоду ўяўнай ёй перажываць свае пачуцці, а мне пакідае толькі права на асабістае ўспрыманне. Таму «я» – гэта не толькі пра эгацэнтрызм, але і пра прыняцце іншых «я».

З гэтай прычыны я не магу весці суполкі ў інтэрнеце, гаварыць ад імя групы людзей. Я заўсёды падпісваюся толькі сваім імем. А калі памыляюся, дастаткова толькі сказаць: «Ну, я так адчуваю». І ўсё шыта-крыта.

Запісала Юлія Ваўчок

Фота: Іван Ярывановіч

Алфавит Ольги Рыжиковой

Алфавіт Андрэя і Надзеі Кім

Алфавит Марины Девятовой

Алфавит Влады

Алфавит Деборы Дж. Картер

Алфавит Кати Пытлевой

Алфавіт Лявона Вольскага

Алфавит Екатерины Аверковой

Алфавит Максима Леонидова

Алфавіт Уладзіміра Садоўскага

Алфавит KANAPLEV+LEYDIK

Алфавіт Андруся Такінданга

Алфавит Анны Силивончик

Алфавит Владимира Козлова

Алфавит Дяди Вани

Алфавит Лары Фабиан 

Алфавит Кирилла Шимко

Алфавит Алексея Ягудина

Алфавит Ангелины Уэльской

Алфавит Саши Варламова 

Алфавит Юрия Зиссера

Алфавит Сати Спиваковой

Алфавит Ники Сандрос

Алфавит Светы Бень

Алфавит Анны Бонд

Алфавит Ильи Лагутенко 

Алфавит Владимира Цеслера

Алфавит Мелиты Станюты

Алфавит Дениса Дудинского 

Алфавит Александра Куллинковича

Алфавит Максима Поташева 

Site is using the Seo Wizard plugin by http://seo.uk.net/