2Folk8Mmc1A copy+

АЛФАВІТ АНДРУСЯ ТАКІНДАНГА

Андрусь – адзін з заснавальнікаў гуртоў Recha і Harotnica, чалавек з вострым пачуццём гумару і мастацкім успрыманнем свету. Ён дакладна ведае свае слабыя бакі і не баіцца пра іх казаць. Лёгка можа накалоць дроваў і, падаецца, паспеў зразумець, што такое шчасце.

DSC_0037

Важна. У дзяцінстве было важна стаць дэсантнікам, быць вельмі моцным фізічна. Хацеў навучыцца лётаць, думаў, што пройдзе час – і я авалодаю гэтай здольнасцю. Важным было стаць смелым, бо я баяўся цемры, монстраў. І каб яны мяне не зацянулі пад ложак і не з’елі. Цяпер важна не падвесці тых, хто мне давярае. Калі становішся дарослым, з’яўляюцца людзі, ставішча якіх залежыць ад тваіх стану і поспеху.

І ты не сам сабе гаспадар. Найбольшы страх – стаць прычынай няшчасця для другога чалавека. Разумею, што гэта не канструктыўна. Калі страх прысутнічае, то можа дэмаралізаваць, стаць кайданамі. І тады ён ператворыцца ў рэчаіснасць. Найперш трэба быць адказным перад сабой, шукаць свайго шчасця. Страх пазбаўляе лёгкасці. А для артыста важныя ўдача і лёгкасць.

«Дах» – мастацкі праект, які стартаваў недзе 8 гадоў таму ў Палацы мастацтва. Будынак ператварыўся ў эксперыментальную майстэрню: завешаныя чорным вокны, палотны, дзе не зразумела, што намалявана, вяроўкі, якія звісаюць, граюць музыкі – адчувалася свабода. Наколькі гэта густоўна, можна спарачацца, але карціны былі смелымі і выстаўляліся без думкі «на продаж».

«Дах» стаў нечаканасцю для Мінска: вяртанне да 90-х на нейкае імгненне або да часу першых перформансаў, калі ўсё на мяжы фолу, а мастак Алесь Пушкін уязджаў у Віцебск на асле. Тады людзі жылі мастацтвам, і было ўсё па-сапраўднаму.

Першы «Дах» – сапраўднае місіянства. І там не было такога эстэцтва, суперканцэптуальнасці і інтэлектуальнасці, да каторых імкнуцца сучасныя мастакі. «Дах» быў па-добраму дзікунскі, трохі архаічны і шчыры. Цяпер усё больш практычна, асцярожна, разлічана на матэрыяльны фідбэк. Я не кажу пра сучаснае мастацтва, якое хоча быць вострым, разумным, актуальным і змяняць свет.

Але для мяне яно павінна быць трохі дурнаватым. Цяпер у Палацы мастацтва праходзіць «Восеньскі салон», які шмат крытыкуюць, бо ён падобны на кірмаш, дзе ўсё намяшана. У мяне такая стракатасць выклікае радасць, але некаторыя лічаць, што гэта смерць мастацтва.

DSC_0029

Жыццё. Часта ўжываю гэта слова ў тэкстах. На жаль, яно стала словам-прастытуткай. Калі трэба закрыць сэнсавую канструкцыю, кідаеш яго. І рыфма добра падбіраецца. Слова, як манета, якой расплочваешся сюды-туды. І мае шырокае значэнне. Ужываеш «жыццё» ў тэксце, і кажуць: «У-у-у, якая песня! Пра жыццё!»

І – самадастатковая літара, звязка. Пішаш верш, калі патрэбна, ставішь «і». Працоўная літара, якая дапамагае ствараць рытм. Мне падабаецца форма менавіта беларускай «і», яна лаканічная, графічна прыгожая. Калі казаць пра кірылічную – яна падобная да «н», «стаіць», як у раскірачку, а лацінская – падцягнутая. «І» – сучасная дзяўчына, якая наведвае фітнес-клуб і ўпрыгожвае жыццё.

Не. Я не заўжды ўмею выразна акрэсліваць свае межы. Даволі часта замест слова «не» я адказваю «не ведаю», «магчыма», «трэба падумаць». І я разумею, што лягчей камунікаваць абодвум бакам, калі пазіцыя выказваецца дакладна: «так» або «не». Як у хрысціянстве: «Хай жа тады слова вашае будзе: «так – так», «не – не». А што звыш таго, гэта ад злога».

А я, як японец, у якіх не прынята рэзка адказваць. Бывае, разумею, што прапанова мне не цікавая і трэба проста адмовіцца, кажу «не ведаю» і пагаджаюся, і думаю «навошта?», а пасля падаецца, што і добра, што пагадзіўся. А бывае, што разумееш пасля: трэба было адмовіцца. Яшчэ не вызначыўся – добра гэта або дрэнна.

Часам жыццё больш цікавы кампазітар, чым мы самі. А рашэнні, якія ты не ініцыіраваў, а на якія пагадзіўся, падхопліваюць і ўзносяць.

1snqfBVCJB0

Радасць. У дзяцінстве думаў, каб не зжэрлі монстры. Пасля быў перыяд, калі адчуваў толькі радасць: хадзіў з усмешкай і думаў, што так будзе заўсёды. Затым я зразумеў, што ёсць нейкія праблемы, і радасць стала не сталым жыхаром, а госцем, які прыходзіць – сыходзіць. Але я ўпэўнены, што мой унармаваны стан – радасць.

То бок я створаны для таго, каб жыць у радасці. Бо радасць – гэта тое, што ёсць унутры чалавека і не залежыць ад знешніх чыннікаў. Для мяне шчасце і радасць, калі пішаш карціну або прыдумляеш песню. Тады адчуваеш, што ты сапраўдны. Тады жывеш на поўніцу і ўсё мае сэнс.

Такінданг – маё прозвішча і назва рытуала, які здзяйсняюць, каб у сям’і не паміралі дзеці. У мяне два роды: Сільвановічы і Такіндангі. Сільвановіч – дзявочае прозвішча маці, а Такінданг – бацькава. Мне пашчасціла з роднымі.

Прыязджаю да Сільвановічаў, гляджу на сваякоў і любуюся: прыгожыя, маюць унутраную шляхетнасць, у людзі павыбіваліся, не спаскудзіліся. Такіндангі таксама прыгожыя, вялікія, шляхетныя. Тут няма ніякай маёй заслугі, гэта падарунак Бога.

nH-Rl3l4UpY

«Ў» – незалежная мастацкая галерэя. Я туды часам заходжу. Месца засяроджвання маладых мастакоў. Я памятаю, калі яшчэ была галерэя «Падземка» і там працавалі Валя Кісялёва (дырэктар і куратар галерэі «Ў». – Заўв. рэд.) і Аня Чыстасердава (арт-дырэктар галерэі «Ў». – Заўв. рэд.), займаліся мастацкай часткай.

Пасля яны пасварыліся з уладальнакамі і стварылі сваю арт-пляцоўку «Ў» там, дзе быў раней прыём шклотары. І цяпер гэта знанае месца.

Цацкі. Я ўсё жыццё марыў пра трансформера. Калі разумееш, што хутка ў цацкі будзе гуляць сорамна, а трансформер не куплены, адчуваецца несвоечасоваць. У мяне былі чалавечкі: каўбоі, індзейцы. Мы іх з стрыечным братам закопвалі ў пясок, а потым шукалі. Калі знаходзілі – было прыемна, а калі яны губляліся – трагедыя. Матацыклістаў класных згубілі, я так перажываў.

Пасля са смалы плавілі чалавечкаў, рабілі іх з пластыліну. З волава хацеў выплавіць сабе кастэт – не атрымалася. Нунчакі зрабіць таксама не атрымалася. Самастрэл – атрымалася. Патрэбныя дошка, гума, прышчэпкі – спускавы механізм. Порах клалі ў фальгу, абкручвалі, падпальвалі – і ён лётаў. Гэта былі крутыя самаробныя цацкі, а трансформер – першы ў жыцці прадукт рэкламы.

2Folk8Mmc1A

Юнацтва. У Караткевіча ёсць: «Ледзь прыкметны сумны халадок – подых юні ўходзячай маёй». Шмат ёсць твораў пра юнацтва, якое ўжо не схопіш. Я доўга чакаў, калі таксама змагу пра гэта напісаць. Калі ўжо з’явіцца магчымасць узгадваць, спачуваць, разумець юнацтва. Бывае, запрашаюць у каледжы або школы, прыходзіш, кажаш: «Добры дзень, дзеці». А табе ў адказ: «Мы не дзеці!»

Глядзіш на гэтых маладых людзей і атрымліваеш задавальненне і радасць, бо разумееш, колькі ў іх наперадзе. Юнацтва – час цудаў і прыгодаў, таму што шмат чаго адбываецца ўпершыню, перыяд адкрыцця свету.

І вядома, што яно з’яўляецца таталізатарам творчасці. І калі ты ўжо нават не ў юнацтве, ты ўсё роўна вяртаешся да яго. Да крыніцы, з якой п’еш. Займацца музыкай пачаў толькі ў 19 гадоў, але да яе быў жывапіс. Пах фарбаў, і ўжо заканчваюцца заняткі, а ты застаешся на вечар, працягваеш маляваць.

Пасля прыходзяць твае сябры, уключаеце магнітафон і размаўляеце пра нешта. Паміж творчасцю – хуліганства. Бясплатна праціскаліся на рок-канцэрты, хадзілі на дыскатэкі, іншы раз адбываліся бойкі. Удзельнічалі у мітынгах, а пасля ўцякалі ад міліцыі. Насілі цэпы і газавыя пярцовыя балончыкі. Спрабую ўзгадаць, якія былі праблемы ў юнацтве. Напэўна, былі… Сёння яны могуць падавацца мізэрнымі. Але тады гэта было не так.

Падрыхтавала Юлія Ваўчок

Фота з асабістага архіва

Алфавит Анны Силивончик

Алфавит Владимира Козлова

Алфавит Дяди Вани

Алфавит Лары Фабиан 

Алфавит Кирилла Шимко

Алфавит Алексея Ягудина

Алфавит Ангелины Уэльской

Алфавит Саши Варламова 

Алфавит Юрия Зиссера

Алфавит Сати Спиваковой

Алфавит Ники Сандрос

Алфавит Светы Бень

Алфавит Анны Бонд

Алфавит Ильи Лагутенко 

Алфавит Владимира Цеслера

Алфавит Мелиты Станюты

Алфавит Дениса Дудинского 

Алфавит Александра Куллинковича

Алфавит Максима Поташева