kim

Алфавіт Андрэя і Надзеі Кім

З іх імёнамі звязаны новы, але ўжо такі звыклы для гледачоў перыяд у кінапракаце нашай краіны, як паказ фільмаў розных краін свету на беларускай мове. Менавіта каманда «Кінаконга», базіс якой – Андрэй і Надзея, працуе з перакладамі сцэнарыяў, агучваннем, дамаўляецца на трансляванне фільмаў і робіць яшчэ безліч працы для таго, каб мы ўбачылi і пачулі кіно па-беларуску. У «Алфавіце» Андрэй і Надзея распавялі пра сумеснае жыццё, свае погляды і ўпэўнілі, што кота-сабака існуе.

Фота: Аляксей Смольскі

Фота: Аляксей Смольскі

Аіст

Надзея: Мы пазнаёміліся, калі я была інструктарам па верхавой яздзе.

Андрэй: Надзея – мой трэнер.

Надзея: Недзе праз год пасля першай сустрэчы мы ўбачыліся ў горадзе. Тады ўжо нармалёва пазнаёміліся. Была вялікая кампанія, і ў нейкі момант прапанавалі гульню: называеш сваё імя – потым яго першую літару і даеш асацыяцыю да яе. Андрэй пачынаў. Ён тады яшчэ размаўляў па-руску. Сказаў: «А – аист».

Андрэй: Пазней, калі мы ўжо былі мужам і жонкай, убачыў, што я запісаны ў яе тэлефоне не «муж», не «каханы», не «Андрэй Іванавіч», а «аіст», прычым на беларускі лад, у сэнсе: не бусел, а аіст.

Бог

Андрэй: Я з тых хрысціян, якія насамрэч вераць. Дзесьці з 7 год я ведў, што Бог існуе, але доўга не хацеў ісці за Ім. У падлеткавым узросце, у юнацтве я шмат што спрабаваў… І хіппі, і будызм, растаманства і наркотыкі – чаго толькi не было. Чаму? Бо падманваў сябе, бо шукаў іншыя шляхі, бо спрабаваў гандлявацца з Ім, каб і «веруючым» быць, і жыць сваім жыццём. Але так не бывае. І праз пэўныя сітуацыі ў жыцці я зрабіў выбар. Аднойчы проста сказаў: «Маё жыццё – у Тваіх руках».

Хрыстос – прычына, чаму я раблю тое, што раблю. Некаторыя лічаць, што Бог хоча падпарадкавання. Але ў Бібліі Ён у першую чаргу заклікае: «Шукайце мяне»… І калі шукаеш, то астатняе прыходзіць.

Я памятаю, як сцебаліся людзі над былым прэзідэнтам Джорджам Бушам-малодшым, калі ён казаў, што размаўляе з Богам. Але гэта норма для хрысціяніна – шукаць Бога, размаўляць з Ім, імкнуцца чуць Яго голас. Праблема, калі ты лічыш, што хрысціянін, але гэта табе няважна.

27535828_10211140227321077_1908637398_o

Фота: Аляксей Смольскі

На мой погляд, існаванне Бога, пошук сэнса жыцця – самыя галоўныя пытанні. І любы чалавек павінен паспрабаваць сумленна адказаць сабе: хто я такі? Навошта я тут? Што са мной будзе? Адкуль і куды прыйду? Вельмі важна не хаваць галаву ў пясок, а шчыра шукаць адказ. Мяне гэтыя пошукі прывялі да Хрыста.

Я не разумею, як людзі могуць не думаць пра сэнс жыцця. Гэта пытанне не вузкарэлігійнае, яно ўнутры любога чалавека. На працягу года-двух я запытваў у людзей на вуліцы: «Навошта вы жывяце? У чым сэнс вашага жыцця?» І 90% з іх адказвалі, што ніколі пра гэта не думалі. Казалі: «Вельмі свежая думка…» Для мяне гэта – шок. Гэта ж самае важнае!

Вялікдзень

Андрэй: Гэта галоўнае свята, самае крутое разам з Калядамі. Адзін з нашых любімых фільмаў, пра які мы кажам заўсёды і даўно хочам агучыць, – мульцік «Прынц Егіпта». Ён пра выхад габрэяў з Егіпта, якому прысвечаны Песах, у нас гэта – Вялікдзень. А другая стужка, якую мы агучылі і абавязкова пакажам у кінатэатрах, класіка кінематографа, фільм, які ўзяў найбольш «Оскараў», – «Бэн-Гур», таксама пра Вялікдзень. Конрад Адэнаўэр сказаў: «Калі Хрыстос не жывы сёння, тады ў света зусім няма ніякай надзеі. Толькі факт уваскрэсенне дае надзею на будучыню».

Дарога

Андрэй: Я шмат вандраваў аўтаспынам, праехаў каля 50 тысяч кіламетраў – гэта называецца экватар. Вандраваць – мой спосаб адпачынку. У кагосьці – залезці ў норку і зашыц­ца там, а ў мяне – з’ехаць кудысьці. Фільм «Таем­нае жыццё Уолтара Міцці», які мы плануем у 2018 годзе агучыць, якраз пра тое, як чалавек усё жыццё сядзеў за пісьмовым сталом, а потым узяў і з’ехаў. Гэта перыядычна дапамагае. Галоўнае, каб вандроўкі не ператварыліся ва ўцёкі ад самаго сябе. У вандроўках можна шмат чаго здабыць і нават шмат каму да­памагчы.

kino_2

Мой пастар сказаў, што я нагадваю персанажа з кніжкі пра мумі-троляў – Снусмумрыка, які заўсёды вандраваў. Ка­рацей – валацуга, я гэта ўспрымаю кам­плі­ментарна. Калі мы пазнаёміліся з Надзеяй, яе гэта ва мне раздражняла. Мяне б таксама гэта раздражняла. На­прыклад, мы дамаўляліся на сустрэчу, яна мне тэлефануе ў гэты ж дзень, пы­таецца, дзе я. А я кажу: «Прабач, я тут падумаў, што было б добра куды-небудзь зганяць. Я зараз у Варшаве».

Надзея: Далей была страшная пом­ста – я з’ехала вучыцца ў Нідэрланды.

(анці)Елкі

Андрэй: У мяне ёсць такое клішэ: заўсёды, калі распавядаю пра тое, як мы выбіраем фільмы, я прыводжу адмоўны прыклад. Калі пытаюцца, чаму мы вырашылі займацца кіно, я кажу, што хацелася, каб у кінатэатрах ішлі доб­рыя фільмы. І звычайна як негатыўны прыклад прыводжу «Елкі». Не таму, што гэта найгоршы фільм у свеце, а проста яны бясконцыя і, здаецца, што там з фільма ў фільм адзін і той жа сюжэт. «Елкі» – гэта прыклад бязлітаснага і безсэнсоўнага атрымання бабла.

Рэжысёр Луі Псiхойос назваў кінематограф «зброяй масавага стварэння». Гэта нешта, што можа ацаляць душы людзей, што можа змяняць свет. Раней гэта былі кнігі, цяпер – з большага кінематограф. Любы фільм – гэта нейкая ідэя, нейкая прапаганда.

0085_1500px

У нас супрацоўніцы кінатэатра «Масква» пераходзяць на беларускую мову. Яны мне дзякуюць за кожны фільм, які паказваем. Як быццам мы штосьці зрабілі неверагоднае, прычым самае цікавае, што яны раней глядзелі некаторыя з тых фільмаў, якія мы агучылі, і ніколі не думалі, што кіно пра тое, пра што мы распавядаем перад паказамі. І я бачу, што яны катарсіс перажываюць.

Як можна вось гэтую сферу пера­тварыць у зашыбанне бабла, хаця кіно можа мяняць чалавека, рабіць яго лепшым? Гэта зараз самы эфектыўны спосаб уплыву.

У маім ідэальным свеце людзі, якія займаюцца бізнесам, нейкай справай, думаюць, навошта яны гэта робяць, і вераць у тое, што яны робяць.

Жывёла

Надзея: Мы ў мінулым годзе завялі дамашнюю жывёлу – котку пароды корніш-рэкс. Знаёмыя падзяліліся на два лагера: адныя лічаць, што яна жудасна непрыгожая, лысая, жахлівая. Корніш-рэкс – гэта не сфінкс. Астатняя палова лічыць, што яна вельмі прыгожая.

Котка кампанейская, амаль як сабака. Калі я, напрыклад, сяджу да ночы i працую, яна сядзіць са мной за сталом, засынае, але ўсё роўна да апошняга побач.

Андрэй: Гэта сабака ў форме коткі. Яна, па-першае, любіць прыносіць апорт, па-другое, яна гаўкае. Нармальныя коткі, напэўна, калі назіраюць за птушкамі, затойваюцца і прыгаюць, а гэтая сядзіць і быццам бы «мя-мя-мя» (Андрэй дэманструе гаўканне коткі). Яна не мяўкае, я менавіта падвяквае.

_-_-jppfo

Надзея: І яна балбатлівая.

Андрэй: Яна вельмі любіць размаў­ляць. Прычым з перыядычнасцю дзіву даешся, наколькі яна інтанацыйна дакладна трапляе ў нашую размову. Яна адказвае… становіцца нават страшнавата.

Калі так ужо казаць, па характару ёсць людзі-каты і людзі-сабакі. Я – сабака, а Надзея, дакладна, – котка. І котка ў нас – гэта кота-сабака. Надзея брала котку і думала, што гэта будзе такая спакойная, прыстойная, шляхетная жывёліна, а яна аказалася шалёным сабакам, які віляе хвастом ва ўсе бакі і хоча размаўляць.

Орша

Андрэй: Да таго як займацца кіно, я ладзіў баі падушкамі. Тады на мітынгі ніякія не збіраліся. І ў нас было легальна дазволенае мерапрыемства, туды прыйшлi некалькі сотняў чалавек. Была якраз гадавіна бітвы пад Оршай. На наступны год, у 2010-м, мы ладзілі мерапрыемства да 600-годдзя бітвы пад Грунвальдам, але дазвол нам вырашылі не даваць.

Праўда, мы ўсё роўна арганізавалі бой, прыйшлі каля тысячы чалавек, удзельнічалі дзеці, школьнікі. Прыехала міліцыя і сказала, што бой падушкамі перанеслі ў іншае месца, заходзьце ў аўтобус, мы вас давязем туды, і павезлі людзей у РАУС. Надзею таксама затрымалі, але і адпусцілі адразу. Тады гэта была нерэальная дурасць, затрымліваць людзей за бой падушкамі. Памятаю, у The Guardian пра гэта было фота дня і яшчэ ў некаторых сусветных газетах нататкі.

Асноўная мэта баёў – паказаць, што пытанні можна вырашаць не зброяй, а падушкамі. І гэта яшчэ было да ўсякіх войн, якія побач з намі. «Перекуем мечи в подушки» – вось такі ў нас быў міралюбівы лозунг. Мне здаецца, што гэта было крута.

X8BY0kFQJAs

Універсітэт

Надзея: Я вучылася ў Нідэрландах, атрымала бізнес-адукацыю. Мы падалі дакументы, мяне прынялі, і толькі праз нейкі час я зразумела, што ў іх ёсць акадэмічныя ўніверсітэты, як наш БДУ, напрыклад, і штосьці паміж каледжам і ўніверсітэтам – куды, як высветлілася, я паступіла. Для мяне гэта было не вельмі прыемным сюрпрызам. Некалькі месяцаў думала пераводзіцца ў іншы ўніверсітэт, шукала розныя варыянты, але па выніку ўсё роўна засталася. У мяне было чатыры курсы, я іх скончыла за два з паловай гады.

Пазней даведалася, што трапіла ў горад, які знаходзіцца ў самай веруючай частцы Нідэрландаў. Прыехаўшы абсалютна не веруючай, там я прыйшла ў царкву і да Бога. Я вельмі шмат ездзіла па Нідэрландах, была ў вялікіх і маленькіх гарадах, шмат бачыла, таму, калі мне хтосьці расказвае пра «распусную Галандыю», я ведаю, што гэта няпраўда.

Андрэй: Я вучыўся ў трох універсітэтах, у мяне дзве няскончаныя вышэйшыя адукацыі. Я неяк патэлефанаваў Надзеі, яна яшчэ тады была ў Нідэрландах, і запытаў: «Надзея, якую зорку з неба табе дастаць, каб ты згадзілася стаць маёй жонкай?» Надзея сказала: «Здай на правы і паступі ва ўніверсітэт». І я паступіў, скончыў універсітэт за два гады экстэрнам. Ніколі не думаў, што паступлю на філалогію, да гэтага былі піяр і гісторыя. Але па факту для таго, чым зараз займаюся, можа, яно і не кепска. А на правы з дзевятага раза здаў.

Шабаны

Андрэй: У «Хроніках Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» героі кажуць «мы з Фінчлі» – гэта раён Лондана. Перакладчык так і напісала, а рэдактар выправіў на «мы з Лондана». У нас была «вайна» на гэтую тэму, я казаў, што гэта тое самае, калі б у нас сказалі «мы з Курасоўшчыны» або «мы з Шабаноў». Але Надзея сказала: «Не». І мы пераклалі: «мы з Лондана».

image (1)

Дарэчы, Шабаны – гэта сур’ёзная тэма, мяркую, што там не так страшна, як падаецца. Там, дзе я рос, на Каменнай Горцы, хадзілі біцца раён на раён, і хоць я быў хатнім хлопчыкам, амаль што сам не паўдзельнічаў. Неяк мяне ў ліфце абрабавалі. А зараз нават гопнікі неяк модна апрануты. У пачатку 2000-х, калі я пачаў насіць доўгія валасы, так увогуле… мая знешнасць заўсёды прываблівала скінхэдаў.

Януш

Андрэй: У студзені ў нас нарадзіўся сын – Януш. Я сябе ў ролі таты пакуль абсалютна не ўяўляю. Быць добрымі бацькамі – цяпер галоўная адказнасць для нас з Надзеяй.

Запісала Юлія Ваўчок

Фота: Аляксей Смольскі, з асабістага архіва

Алфавит Марины Девятовой

Алфавит Влады

Алфавит Деборы Дж. Картер

Алфавит Кати Пытлевой

Алфавіт Лявона Вольскага

Алфавит Екатерины Аверковой

Алфавит Максима Леонидова

Алфавіт Уладзіміра Садоўскага

Алфавит KANAPLEV+LEYDIK

Алфавіт Андруся Такінданга

Алфавит Анны Силивончик

Алфавит Владимира Козлова

Алфавит Дяди Вани

Алфавит Лары Фабиан 

Алфавит Кирилла Шимко

Алфавит Алексея Ягудина

Алфавит Ангелины Уэльской

Алфавит Саши Варламова 

Алфавит Юрия Зиссера

Алфавит Сати Спиваковой

Алфавит Ники Сандрос

Алфавит Светы Бень

Алфавит Анны Бонд

Алфавит Ильи Лагутенко 

Алфавит Владимира Цеслера

Алфавит Мелиты Станюты

Алфавит Дениса Дудинского 

Алфавит Александра Куллинковича

Алфавит Максима Поташева 

 

Site is using the Seo Wizard plugin by http://seo.uk.net/