главпавловец

АКВАРЭЛЬНЫ СУСВЕТ

Постаць Вячаслава Паўлаўца ў сучасным айчынным мастацтве набыла статус захавальніка традыцыі, паслядоўніка вядучых майстроў ХХ стагоддзя – Аркадзя Астаповіча, Віталя Цвірко, Зоі Літвінавай. З аднаго боку, ён утрымлівае першапачаткова высокі ўзровень беларускай рэалістычнай акварэльнай школы, з другога – пастаянна эксперыментуе, ствараючы адмысловы тып метафізічнай акварэлі.

Яго безумоўныя шэдэўры – манахромныя мінімалістычныя пейзажы. Паўлавец, можна сказаць, апеў і ўзвысіў да паэтычнай метафары беларускі бяссонечны «шэранькі дзянёк», у якім ён убачыў дзясяткі найтанчэйшых нюансаў. У мастака атрымалася графічна «сфармуляваць» беларускі пейзаж, ператварыўшы яго ў чысты эстэтычны феномен. У яго акварэлях можна пачуць мелодыку нашага краю з таго боку, з якога яе яшчэ не разглядалі. Яны абсалютна гарманічныя і распазнавальна нацыянальныя.

Работы Вячаслава Паўлаўца заўсёды пазнаеш па адмысловым гарманічным вобразным ладзе – найчыстай паэзіі ў акварэлі. Можна назваць яго традыцыйна – майстрам «пейзажу настрою», незвычайна чуткім да прыроды, да самапазнання чалавека праз прыроду і тварэння ў гармоніі з ёю.

Падчас адкрыцця адбудзецца прэзентацыя альбома-каталога твораў Вячаслава Паўлаўца “Акварэльны сусвет”. У ім прадстаўлена каля 100 акварэльных пейзажаў апошніх трыццаці год яго творчасці – ад першых самастойных работ 1980-х да аркушаў, выкананых у 2018 годзе ў Германіі, дзе яго графіку асабліва цэняць. У выданне ўвайшлі і творы, што захоўваюцца ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь.

Па матэрыяле артыкула
мастацтвазнаўцы Надзеі Усавай

Выстаўка працягнецца па 23 лютага 2019 г.

павловец

Site is using the Seo Wizard plugin by http://seo.uk.net/